ДЭЛЬТАПЛАНЁРНЫ СПОРТ,
від авіяц. спорту, падобны да планёрнага; выкананне планіруючых і лунаючых палётаў на прасцейшых лятальных апаратах. Дэльтаплан — просты па канструкцыі лятальны апарат масай да 35 кг. Старт робіцца са схілаў гор ці ўзвышша або з дапамогай буксіроўкі за катэрам ці аўтамабілем. Кіраванне ажыццяўляецца перамяшчэннем цэнтра цяжару спартсмена адносна канструкцыі. Палёты выконваюцца на скорасць або макс. далёкасць. Вопытныя спартсмены ў спрыяльных умовах пераадольваюць адлегласць у некалькі соцень км на выш. да 3 км. Д.с. узнік у ЗША (1973). Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1977. Бел. федэрацыя звышлёгкай авіяцыі зарэгістравана ў 1995. На 1.1.1997 у Беларусі Д.с. займалася 150 чал., з іх 7 майстроў спорту. Як асобны кірунак інтэнсіўна развіваецца мотадэльтапланёрны спорт (дэльталётны).
Ф.Я.Пастушонак.
т. 6, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)